Представители Православной церкви приняли участие в областных Дожинках-2013

Правящий архиепископ, Пинский и Лунинецкий Стефан и благочинный Ляховичского округа протоиерей Георгий Житко присутствовали на в областных Дожинках-2013.

68А яшчэ ў мінулую суботу наш памаладзёўшы горад (ніколі яму не дасі 521 год), жыў па ўсіх законах фестывалю-кірмашу. Пасля дажджлівай і пахмурнай пятніцы, нарэшце, праяснілася, і амплітуда настрою адразу прапарцыянальна сонечным промням пайшла ўверх.

Гасцей у Ляхавічах чакалі даўно і рыхтаваліся да іх прыёму адказна і з любоўю. Сваю ролю адыграў і дух спаборніцтва з папярэднімі сталіцамі абласных “Дажынак”: імкнуліся выглядаць не менш эфектна, непаўторна. Таму паклапаціліся пра кожнага госця, адарылі з усёй славянскай шчодрасцю раздоллем фестывальна-кірмашовых фарбаў, песень, цудаў.

Ну чым не цуд — гандлёвая пляцоўка, якая раскінулася на вуліцы Леніна ад аўтобуснай станцыі да цэнтральнай аптэкі, захапіла частку вуліц Цітовіча, Савецкай, Чкалава, Раганава, завулка Разіна — гэта больш 100 па-вільёнаў і палатак агульнай працягласцю звыш кіламетра. Плюс яшчэ выязныя сезонныя кафэ на 2500 пасадачных месцаў. Ад разнастайнасці і багатага асартыменту харчовых і прамысловых тавараў вочы разбягаліся. Выязны гандаль удаўся. Лепшае пацвярджэнне чаму — чэргі каля прылаўкаў. З размахам прэзентавалі сваю фірменную прадукцыю знакамітыя брэнды ААТ “Савушкін прадукт”, “Брэсцкі мясакамбінат”, “Брэсцкае марожанае”, “Брэсцкае піва”, СП “Санта Імпэкс Брэст” і іншыя. Каля павільёнаў ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” і “Баранавіцкая птушкафабрыка” было не менш шматлюдна.

Сярод раённых спажывецкіх таварыстваў на “Дажынках” у Ляхавічах роўных не было Лунінецкаму. Узялі і афармленнем (у народным стылі сялянскага падворка), і асартыментам, і ветлівым абслугоўваннем. Не дзіўна, што менавіта каля іх шыкоўных кампазіцый хацелі зрабіць фотаздымак на памяць многія.

У афармленні павільёнаў і вітрын любы калектыў гандлю мог спаборнічаць з прафесійнымі дызайнерамі. Некаторыя госці свята нават прызначалі спатканне, як у адным старым добрым фільме — каля павільёна, дзе ў загарадзі мірна адпачывалі баранчыкі.

Увогуле, у кожнага райпо была свая адметнасць. Напрыклад, немагчыма ўявіць Ганцавічы без журавін. Іх, як і галубіку, і салёныя па спецыяльным рэцэпце агуркі, куплялі з задавальненнем. Але не толькі гэтым парадавалі ганцаўчане. Пах гаючых лекавых раслін тонкім водарам прыцягваў у палатку, дзе гаспадарыла Валянціна Чыркун. 7 гадоў вясковая жанчына займаецца травамі, гатуе лекавыя зборы. Арганізавала аматарскае аб’яднанне “Надзея выздараўлення” пры Крышанавіцкім ДСКП.

— Травяныя чаі ў Ляхавічах вельмі прыйшліся даспадобы. Вялікі чайнік раз 100 давялося кіпяціць, — гаворыць Валянціна Іванаўна.

На фестывалі-кірмашы знаходзілі свайго пакупніка і прамысловыя тавары. Парадавала якаснымі мужчынскімі сарочкамі і світарамі Дзяржынская швейная фабрыка “Эліз”, Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне — сучаснымі камплектамі пасцельнай бялізны, “Пінск “Палессе” — трыкатажнымі вырабамі, “Белкельме” — мужчынскім абуткам, Кобрын — ручнікамі, коўдрамі і інш. Пральныя машыны, халадзільнікі, электрачайнікі — бытавая тэхніка ад “Атланта”. Былі жадаючыя набыць насенне ці саджанцы ў павільёне “Брэстсортнасенагародніны”. Друкаваная прадукцыя, сувеніры з эмблемай “Дажынак”, спадарожныя тавары — гэта ад “Брэстаблсаюздруку” і “Белпошты”.

А колькі індывідуальных прадпрымальнікаў з усёй вобласці гандлявалі ў сталіцы “Дажынак”! Удзельнік усіх без выключэння хлебаробскіх святаў Брэстчыны пчаляр Мікалай Казак з вёскі Вялікая Гаць Івацэвіцкага раёна не прапусціў і Ляхавічы (застаўся вельмі задаволеным ад убачанага ў райцэнтры).

— На пчальніку 50 вулляў. Прадаём на такіх кірмашах не менш за 100 кілаграмаў мёду, — расказвае Мікалай Казак і дадае, што заўсёды папулярным аказваецца цёмны мёд.

А фермерская гаспадарка “Пушчанская таямніца” ў Камянецкім раёне на 70 гектарах вырошчвае травы, з якіх потым па спецыяльных тэхналогіях робяцца лекавыя зборы, травяныя чаі, спецыі. Прадукцыя ішла на ўра.

Верыце ва ўдачу? Тады вам абавязкова трэба было паспытаць шчасця ў бяспройгрышнай латарэі. Выйгрышы не расчаравалі нікога.

У скверы каля гарадскога фантана раскінуўся горад незвычайны — “Берасцейская майстэрня”. Наўрад ці каго пакінулі абыякавымі экспазіцыі дамоў рамёстваў, лепшых майстроў вобласці. Даспадобы прыйшліся льняныя, вязаныя рэчы, а таксама плеценыя з лазы карзіны, кошыкі, хлебніцы, упрыгожванні.

Унікальныя вырабы з саломы, карціны з пяску і салёнага цеста, вышыванкі, выцінанкі, саматканыя і ганчарныя вырабы, кулінарныя прысмакі традыцыйнай беларускай кухні — якія таленавітыя і майстравыя людзі жывуць на Брэстчыне! Жадаеце ўласны партрэт за дзясятак хвілін? Калі ласка, мастакі напішуць яго — трэба толькі папазіраваць. Некалькі штрыхоў — і візажысты-касметолагі прафесійна з дапамогай дэкаратыўнай касметыкі зробяць на вашым твары “галівудскі” макіяж. І гэта толькі частка са шматлікіх святочных прапаноў.

Юнацтва, талент, творчасць панавалі ў мінулую суботу на ляхавіцкай плошчы Перамогі. Галоўныя дзеючыя асобы — навучэнцы прафесійна-тэхнічных каледжаў, вучылішч, ліцэяў, выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі. Тут можна было пачаставацца юшкай з рыбы, злоўленай у рацэ Мышанка, і грэцкай кашай з мясам. Повары — навучэнцы Навамыш-скага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя. Маладыя мадэльеры-канструктары з Баранавіцкага каледжа лёгкай прамысловасці “ўзарвалі” публіку калекцыяй уласных маладзёжных мадэляў адзення. “Няўжо гэта зрабілі самі навучэнцы?” — здзіўлена пыталі наведвальнікі выставы, спыняючыся каля павільёна Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя мэблевай вытворчасці і аўтамабільнага транспарту. Уразілі іх работы — кованыя мангалы, упрыгожванні для дачы і дому, рамкі для люстэрак. Дзятва акупіравала палатку, дзе ў клетках размясціліся папугайчыкі, галубы, хамякі, мышы — выстава Брэсцкага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра. Лепшыя навучэнцы Баранавіцкага спецыяльнага каледжа сферы абслугоўвання паказвалі майстар-клас у цырульнай справе і прафесійнай тэхніцы нанясення макіяжу. Работы навучэнцаў Лунінецкага прафесійна-тэхнічнага каледжа — вязаныя рэчы, карціны з непрыдатнага матэрыялу, металічныя вырабы для кухні і агароду знайшлі сваіх пакупнікоў. А са сцэны гучалі музыка і песні.

У гарадскім скверы самыя юныя ляхавічане адразу здагадваліся, што трапілі ў незвычайны свет атракцыёнаў, і ў бліжэйшы час не збіраліся яго пакідаць.

А на плошчы Перамогі гучалі песні ў выкананні юных артыстаў Брэстчыны падчас фестывалю “Вясёлка дзяцінства”. І як прыемна, што не згубіліся, а адпавядалі значнасці свята і таленавітыя зорачкі Ляхавіцкага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Каля кінатэатра “Кастрычнік” галасіста спявалі ганцавічане, а праз крокаў 50 іскрамётна “запальвалі” іх івацэвіцкія калегі. Цыганскімі матывамі і танцамі парадавалі суседзі з Баранавіцкага раёна. А прафесіяналізму спевакоў і танцораў з Брэста і Брэсцкага раёна можна толькі па-добраму пазайздросціць.

Баранавіцкі гарадскі канцэртны аркестр узначальваў святочнае шэсце герояў жніва-2013 па цэнтральнай вуліцы Ляхавіч. Пад несціханыя апладысменты прайшоў і гала-канцэрт гэтых музыкантаў з галоўнай сцэны “Дажынак”. А першымі віншаваць са святам і дарыць музычныя нумары пачалі лунінечане, якія выступалі са сцэны “Лунінецкіх клубніц”.

Што за “Дажынкі” без хіта! І такім хітом стала выступленне зорак інтэрнэту — дуэта Зоі і Валеры з вёскі Зарэчча Бярозаўскага раёна. Ляхавіцкія самадзейныя артысты, самыя лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці раёна былі ўдастоены гонару выступаць у канцэртнай праграме на галоўнай сцэне “Дажынак”.

“Супер!” — так лаканічна і значна можна сказаць пра шоу-праграму Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа і сталічнага эстраднага гурта “Федэрацыя”. Заключным музычным акордам дажыначнай суботы стала маладзёжная дыскатэка.

Як вам свята? Ці спадабаліся “Дажынкі” ў Ляхавічах? Пра гэта пацікавіліся ў некаторых гасцей і ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу.

Дзмітрый Зяневіч, дырэктар ААТ “Аграфірма Малеч” Бярозаўскага раёна:

— У вас прыгожы, утульны горад. Спадабалася ўсё — ад арганізацыі і прыёму — да самога свята. Малайцы!
Віктар Туровіч: вадзіцель агракамбіната “Мір” Баранавіцкага раёна, пераможца ў намінацыі сярод маладых вадзіцеляў на адвозцы зерня:
— Я ўпершыню на такім грандыёзным мерапрыемстве ў якасці пераможцы. Класна! Здорава і запамінальна!
Васілій Асіпік з СВК “Любішчыцы” заняў 2-е месца сярод старшых камбайнераў:
— Ляхавіцкія “Дажынкі” надоўга застануцца ў памяці. Як прыгожа віталі нашу дэлегацыю на мяжы раёна. І потым усё прайшло добра. Асабліва хвалююча было, калі за перамогу дзякаваў губернатар Брэстчыны.
Ірына Пановіч, г. Мінск:
— Мы — мінчане, прыехалі ў госці да сваякоў у Баранавічы, яны ж запрасілі нас у Ляхавічы на “Дажынкі”. Уразіла ўсё толькі з лепшага боку. Напрыклад, па гора-дзе майстроў гадзіны дзве блукалі. Купілі шмат сувеніраў. Дзіўна, паліто сабе купіла ў павільёне Івацэвіцкага райпо, а не ў сталіцы. Не на хвіліну не пашкадавалі, што пабывалі тут.
— У такіх месцах, як Ляхавічы, адпачываеш душой. Тутэйшыя людзі ўмеюць не толькі плённа працаваць, але і весела, і карысна адпачываць. І гэты добры настрой перадаўся ўсім: і гасцям, і ўдзельнікам, — дадае Ганна Кузьмянко з Брэста.
— Вы нават не ўяўляеце, як мы ганарымся Ляхавічамі. Які горад! Сапраўдная сталіца. Таму ўдвая рады, што не сорамна перад землякамі. І нас як лепшых з лепшых віталі на галоўнай сцэне “Дажынак”, — ва ўнісон гавораць Андрэй Юруць і Дзмітрый Равяка. Іх экіпаж у абласным спаборніцтве на 2-м месцы.
Для Яўгенія Арфуціча, старшыні гаспадаркі з 30-гадовым стажам гэтыя “Дажынкі” далёка не першыя — бываў і на абласных, і на рэспубліканскіх. А ўражанні надзвычай прыемныя:
— Ляхавічане вельмі гасцінныя, добразычлівыя. Атрымаў сапраўдную асалоду ад убачанага і пачутага. Цяжка развітвацца з горадам. Мне падабаецца, вось іду купляць чарговы сувенір.
Сяргей Кудзінаў з Клецкага раёна:
— Так трымаць, горад! Рады, што пазнаёміўся з Ляхавічамі. А якія цудоўныя тут людзі! Каля прылаўка забыў партманэ, дык прадавец бегла за мной па вуліцы, каб вярнуць.

Свята па праву ўладарыла на ляхавіцкіх вуліцах да позняй ночы. У 21 гадзіну Ляхавічы салютавалі працоўнай эліце вобласці: неба над сталіцай сёлетніх “Дажынак” расквеціў святочны феерверк.

Трэба было тут быць, бачыць, датыкнуцца, удзельнічаць, адчуць і растварыцца ў атмасферы свята, шчасця, бязмежна цудоўнага настрою, добразычлівасці і радасці — каб зразумець, што “Дажынкі” — гэта вялікае дзейства, сведкамі і галоўнымі дзеючымі асобамі якога былі мы ўсе.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

ЛЯХОВИЧИ ПРАВОСЛАВНЫЕ

Просмотрено: 52 раз.

Комментирование запрещено