Насуперак прагнозам сіноптыкаў на 13 мая, сонца ў гэты дзень святкавала разам з вернікамі. Напярэдадні Дня сям’і ў райцэнтры ўрачыста адкрылася рэспубліканская дзяржаўна-царкоўная духоўна-асветніцкая праграма “Сям’я – Яднанне – Айчына”. Пачалася яна святочнай літургіяй у Крыжаўзвіжанскім храме, якую служыў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан. Затым быў хрэсны ход да плошчы Перамогі, дзе Уладыка Стэфан блаславіў усіх прысутных.
– Сям’я ў Святым пісанні называецца “малой царквой”, а з сям’і ствараецца вялікая Хрыстова царква, саюз Бога і чалавецтва. Толькі ўсвядоміўшы святасць сямейнага саюза, чалавецтва зможа зберагчы сябе ад маральнай дэградацыі. Трывалая, моцная сям’я – аснова грамадства, — адзначыў архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан і запрасіў жыхароў райцэнтра наведаць выставу- кірмаш “Радасць слова”, вынесці і захаваць светлыя пачуцці, стаць больш добрымі і міласэрнымі. Пра важнасць духоўна-маральнай асветы і адукацыі гаварыў і старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч.
– Няхай духоўныя зносіны, праваслаўныя лекторыі і сустрэчы адкрыюць крыніцу сілы, натхнення, крануць лепшыя струны вашай душы, – пажадаў старшыня міжнароднага дабрачыннага фонду, выканаўчы дырэктар выдавецтва Беларускага экзархата Уладзімір Грозаў.
Наведвальнікі праваслаўнай выставы-кірмашу “Радасць слова” спяшаліся ўбачыць экспазіцыю факсімільных выданняў кніжных шэдэўраў сярэдневяковай духоўнай культуры Беларусі “Вяртанне святынь”, пакланіцца іконе “Святая праведная Моніка”, якая апякуе сем’і, з’яўляецца заступніцай бацькоў. Шырокі выбар духоўна-асветніцкай, адукацыйнай і дзіцячай літаратуры, аўдыё- і відэаматэрыялы, сувеніры і іншую прадукцыю можна было набыць у павільёне кірмашу-выставы.
У нядзелю ў гарадскім Доме культуры адбудзецца канцэрт мужчынскага вакальнага ансамбля “Благавест”.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Просмотрено: 35 раз.