Жыццё як работа над сабою

11І ў горы, і ў радасці побач. Шчырай малітвай святара, спагадлівым словам чалавека, разумеючым позіркам, падбадзёрваючым ці заспакаяльным дотыкам – існай душою сваёй ён спрыяе людзям у тым, каб былі і заставаліся людзьмі, каб жылі з Богам у душы, годна і сумленна.

Пра благачыннага цэркваў Ляхавіцкай акругі, протаіерэя Георгія Жытко можна гаварыць і гаварыць – асоба шматбаковая, прыцягальная. Слухаць яго не проста цікава, а карысна: з выказанымі ім думкамі можна згаджацца ці не згаджацца, але абавязкова яны прымусяць думаць, аналізаваць, рабіць высновы, самаўдасканальвацца.

Калі ў снежні мінулага года ў Ляхавіцкай Крыжаўзвіжанскай царкве адпявалі загінуўшага ў ліпені 41-га пад Кіевам салдата Міхаіла Жытко (“ЛВ” № 96, 24.12.2014 г.), роднага дзядзьку айца Георгія, наш святар сказаў фразу, якую хочацца асэнсоўваць зноў і зноў: “Жыццё чалавека – гэта работа над сабою”. Такая філасофія: старацца жыць трэба па біблейскіх запаведзях. І інфармацыя для роздуму ад Георгія Жытко: “Чаму нашы воіны ахвяравалі сабою? Аддаць сябе за блізкіх – гэта вышэйшы подзвіг”.

У свяшчэнніка місія асобая – ён нясе слова божае людзям і суправаджае чалавека ад нараджэння да апошняй хвіліны на зямлі: хрысціць, спаведуе, прычашчае, саборуе, вянчае і ў вечнасць праважае малітоўным адпяваннем. Яму даверана вучыць дабру: паслухайце пропаведзь пасля царкоўнай службы, усвядомце філасофію чалавечнасці. Святыя лікі на іконах, царкоўныя песнапенні, агеньчыкі свечак…

За амаль дваццацігоддзе служэння ў нашых Ляхавічах айцец Георгій здолеў многае зрабіць для духоўнага жыцця землякоў. Змяніліся ў лепшы бок праваслаўныя храмы раёна, колькі прыхажан ідзе сюды, у тым ліку моладзі і дзяцей. Колькі незабыўных імгненняў, уразлівых падзей. Як красамоўна і шмат гаварыла тая жыццесцвярджальная чарга, што выстройвалася, каб прыкласціся да мошчаў святых, калі гэтыя бясцэнныя праваслаўныя рэліквіі прывозілі на нашу ляхавіцкую зямлю. Канешне, з блаславення Уладыкі Сцефана і па ініцыятыве протаіерэя Георгія Жытко. А незабыўная праграма дзяржаўна-царкоўнай духоўна-асветніцкай акцыі “Сям’я – Яднанне – Айчына” і неаднойчы ўжо выступленне мужчынскага вакальнага ансамбля “Благавест”, і адкрыты малельны пакой у раённай бальніцы, і заняткі ў нядзельнай школе пры Крыжаўзвіжанскай і іншых цэрквах, і сустрэчы з вучнямі, навучэнцамі ЛДАКа, і маладыя свяшчэннаслужыцелі ў храмах раёна, і зусім асаблівы дзень ушанавання памяці святога Серафіма Жыровіцкага – гэта сённяшняе праваслаўнае жыццё Ляхавіччыны, якое ва многім стала такім менавіта дзякуючы намаганням благачыннага цэркваў Ляхавіцкай акругі.

Звычайны чалавек. Любіць сваю сям’ю і даражыць ёю… заўсёды разам з жонкай матушкай Святланай… строгі, клапатлівы і пяшчотны бацька двух сыноў і дачкі… шчаслівы дзядуля… З ім проста і цікава, як гэта бывае з чалавекам, якому верыш. І ён верыць і веруе.

Служэнне Богу ёсць служэнне людзям. Чвэрць стагоддзя мінула з дня іерэйскай хіратоніі Георгія Жытко. Жыццё працягваецца.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Падзячнае пісьмо раённага выканаўчага камітэта за вялікі асабісты ўклад ў развіццё духоўнай культуры Ляхавіцкага раёна, актыўную работу па папулярызацыі хрысціянскіх каштоўнасцей ў маладзёжным асяроддзі, цеснае ўзаемадзеянне з органамі дзяржаўнага кіравання, а таксама ў сувязі з 25-годдзем з дня іерэйскай хіратоніі адрасавана благачыннаму цэркваў Ляхавіцкай акругі, настаяцелю храма Узвіжання Крыжа Гасподняга Георгію ЖЫТКО.

www.lves.by

Просмотрено: 64 раз.

Комментирование запрещено